Установа культуры «Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей»

Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей створаны ў чэрвені 1988 г., адчынены для наведвальнікаў у маі 1995 г. Гэта адзіны ў Магілеўскай вобласці гісторыка-археалагічны музей, значная частка яго экспанатаў была атрымана падчас археалагічных раскопак Л. У. Аляксеева, М. А. Ткачова, А. А. Трусава. Пастаянная экспазіцыя займае тры залы: «Духоўныя крыніцы зямлі Мсціслаўскай», «З гісторыі Мсціслаўшчыны ад старажытнасці да к. XVIII ст.», «Павятовы горад Мсціслаў» — якія адлюстроўваюць асноўныя вехі гісторыка-культурнага развіцця рэгіёна. Колькасць экспанатаў музея перавышае 20 тысяч (2012), з іх болей за 12 тысяч уваходзіць у асноўны фонд. Найбольш цікавай калекцыяй з'яўляецца «Археалогія», сярод яе экспанатаў вылучаюцца: пісала XII—XIII стст., крыж-энкалпіён і шкляныя бранзалеты XII—XIII стст., клінападобныя каменныя шліфаваныя тапары бронзавага веку, самшытавыя грэбні XIII ст., шкляная пячатка з выявай герба князя Ціханавецкага XVII ст., манета комтура крыжакоў (1477—1489), касцяныя накладкі з геаметрычным і раслінным арнаментам XIV—XV стст., кафля з расліным, геральдычным, геаметрычным, сюжэтным арнаментам XVII ст., нідэрландскі за-латы дукат 1652 г., срэбныя манеты Расійскай Імперыі 1848 г. і інш. Асноўнымі формамі культурна-адукацыйнай дзейнасці з'яўляюцца экскурсіі, інтэрактыўныя музейныя заняткі, выставы, навуковыя канферэнцыі. З 2007 г. Мсціслаўскі раённы музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсціслаў».